14.10.2019

13 кастрычніка, напярэдадні Дня маці ў Беларусі, у мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай маліліся за матуль, бабуль і хросных мам

У створаным сусвеце Бог падарыў нам шмат цудаў, найбольшы з якіх — мама і нараджэнне дзіцяці. Хрысціяне нараджэнне дзіцяці ўспрымаюць як таямніцу і асаблівы дар. Біблія кажа пра мацярынства як пра благаслаўленне і найважнейшае служэнне, якое заключаецца ў абавязку перадаваць веру дзецям з першых дзён іх жыцця.

Па статыстыцы, пададзенай нямецкім фондам «Насельніцтва Зямлі», кожныя 10 секунд у свеце нараджаецца 26 дзяцей. Значыць, разам з імі ў свеце з'яўляюцца і новыя мамы. Ва ўсе часы вернікі ўшаноўвалі Багародзіцу, якая стала прыкладам веры, надзеі і любові для зямных матуль. Аб Яе апецы просяць бацькі падчас хросту дзіцяці. Таму менавіта ў гэты дзень для многіх  вернікаў вельмі сімвалічна і важна прыйсці ў святыню ў гонар Маці Божай. Касцёл на Каменнай Горцы ў Мінску не стаў выключэннем.

На працягу тыдня на паштоўцы ў выглядзе сэрца дзеці пісалі просьбы да Маці Божай за сваіх мам. Кожнае сэрца стала часткай пацерак малітвы, якія змясцілі перад абразом Маці Божай Будслаўскай.

Як з першага дня нараджэння дзіцяці маці жыве яго дыханнем, яго слязьмі і ўсмешкамі, так і Божая Маці атуляе нас сваёй апекай. Яе дапамога можа быць і незаўважнай для нас кожны дзень. Аднак, азірнуўшыся назад, мы разумеем, што ўвесь гэты час над намі была Яе апека.