22.09.2019

ХХV Нядзеля звычайная 2019                         22.09.2019

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне касцёла, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог шчодра узнагародзіць.   На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

23 верасня (панедзелак): успамін Святога Піа з Петрэльчыны
Франчэско Фарджонэ — будучы падрэ Піо — нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне (Паўднёвая Італія). У шаснаццацігадовым узросце ўступіў у закон капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. У 28 гадоў айцец Піо атрымаў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, што прычынялі яму нясцерпны боль. З-за накладзеных на яго абмежаванняў падрэ Піо прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю, асабліва культу Эўхарыстыі, Мукі Пана і Маці Божай Балеснай, а таксама апостальству споведзі. Перад яго канфесіяналам у касцёле кляштара Сан Джаванні Ратондо выстройваліся вялікія чэргі тых, хто хацеў у яго спавядацца.

26 верасня(чацвер) Святыя Косма і Дам’ян,

 мучанікі Браты-блізняты Косма і Дам’ян жылі ў ІІІ ст. у Сірыі або ў Аравіі і былі хрысціянамі. Там яны мелі медыцынскую практыку і лячылі людзей бясплатна, імкнучыся пры гэтым навяртаць душы пацыентаў да Хрыста. З дзеянняў братоў-лекараў найбольш вядомай з’яўляецца аперацыя па замене ампутаванай нагі белага чалавека нагою памерлага маўра. Калі пры імператары Дыяклетыяне пачаўся жорсткі пераслед хрысціянаў, братоў-лекараў схапілі і пасля страшэнных катаванняў адсеклі ім галовы, так і не прымусіўшы адрачыся ад веры. Гэта адбылося каля 303 г. у сірыйскім горадзе Кірасе.

Святыя Косма і Дам’ян шырока ўшаноўваюцца ва ўсім свеце як ва ўсходняй, так і ў заходняй традыцыі. Ужо ў VI ст. успамін святых братоў быў уключаны ў Рымскі Канон, і ў гэты ж час у Рыме ў іх гонар была асвечана базыліка. Святыя Косма і Дам’ян з’яўляюцца апекунамі лекараў, хірургаў, студэнтаў-медыкаў і фармацэўтаў. Іх дапамогі просяць пры ракавых захворваннях.

27 верасня (пятніца)  Святы Вінцэнт дэ Поль,

святар Нарадзіўся 24 красавіка 1581 г. у мястэчку Пуі ў французскай Гасконі, якое сёння ў гонар святога называецца Сэн-Вэнсан-дэ-Поль. Бацькі Вінцэнта былі сялянамі. У 19-гадовым узросце ён стаў святаром і праз дванаццаць гадоў святарскага служэння быў прызначаны пробашчам парафіі Клішы ў Парыжы. У 1617 г. святар прысягнуў да канца свайго жыцця служыць бедным і ў тым жа годзе арганізаваў Брацтва міласэрнасці — супольнасць свецкіх сясцёр. Праз тры гады ён заснаваў мужчынскае таварыства служыцеляў бедных, а ў 1625 г. — законную супольнасць Місій, заданнем якой стала падрыхтоўка місій і клопат пра выхаванне духавенства.

Паколькі сядзіба супольнасці Місій знаходзілася побач з парыжскім касцёлам святога Лазара, законнікаў пачалі называць лазарыстамі. У 1633 г. Вінцэнт дэ Поль разам з Луізай дэ Марыяк заснаваў законную супольнасць Дачок міласэрнасці, вядомых пад назваю шарыткі (ад французскага слова charity — міласэрнасць). Адданы святар, служыцель бедных, апякун сіротаў і хворых арганізоўваў сталоўкі для простага народу, а таксама палявыя шпіталі (лазарэты) падчас крывавых паўстанняў супраць каралеўскай улады, што адбываліся ў краіне ў сярэдзіне XVII ст. На момант яго смерці 27 верасня 1660 г. у Францыі існавала ўжо каля 800 місій лазарыстаў, якія пазней распаўсюдзіліся па ўсім свеце. Святы лічыцца апекуном дабрачынных арганізацый, а таксама сіротаў і дзіцячых дамоў.

28 верасня (субота) Святы Вацлаў, мучанік

Нарадзіўся каля 904 г. у замку ў Стохаве (Чэхія). У хрысціянскім духу Вацлава выхавала яго бабуля Людміла. У 921 г. памёр бацька Вацлава чэшскі князь Вратыслаў, і апеку над падлеткам Вацлавам і рэгенцтва атрымала яго маці Драгаміра. Ненавідзячы хрысціянства, яна загадала забіць свякроў, але крывавае кіраванне Драгаміры неўзабаве скончылася, і ўжо праз год Вацлаў стаў чэшскім герцагам.

Ён усімі сваімі сіламі падтрымліваў хрысціянства, і дзякуючы яго намаганням Касцёл у Чэхіі далучыўся да Рыма. Вацлаў, які пабудаваў у Празе велічную катэдру святога Віта, вызначаўся глыбокаю пабожнасцю і вёў аскетычны лад жыцця, дзякучы чаму стаў вялікім прыкладам для сваіх падданых. 28 верасня 929 г. малодшы брат Вацлава Баляслаў, выхаваны маці ў паганстве, жадаючы захапіць пасад, забіў Вацлава, калі той выходзіў з касцёла. Рэліквіі святога Вацлава — апекуна Чэхіі — спачываюць у пражскай катэдры св. Віта і прыцягваюць вялікую колькасць пілігрымаў.

28 верасня. Святы Лаўрэнцій Руіс, і паплечнікі, мучанікі

Нарадзіўся ў 1589 г. на Філіпінах. Меў сям’ю і служыў сакрыстыянам у 14 дамініканцаў-місіянераў, якія з вялікаю небяспекаю для жыцця абвяшчалі Евангелле ў Японіі. У 1633 г. галоўнакамандуючы японскага войска аддаў загад арыштоўваць і караць смерцю ўсіх замежнікаў, якія распаўсюджваюць хрысціянства. Неўзабаве пасля гэтага дамініканцаў і Лаўрэнція кінулі ў вязніцу, катавалі і нарэшце забілі. Гэта адбылося 14 жніўня 1633 г. у Нагасакі.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.