30.09.2019

ХХVІ Нядзеля звычайная 2019              29.09.2019

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне касцёла, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог шчодра узнагародзіць.   На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

30 верасня (панядзелак) успамін св. Гераніма, святара і доктара Касцёла
Геранім Стрыдонскі, (330 — 419, Віфлеем) – пісьменнік-палеміст, філолаг, перакладчык на лацінскую мову тэкстаў Бібліі. Тэкст яго перакладу, вядомы пад назваю Вульгаты, на Трыенскім касцёльнам саборы (1545) быў прызнаны кананічным, а сам Геранім лічыцца адным з вялікіх айцоў хрысціянскага касцёла, якога каталіцкі касцёл прылічыў да святых.
Нарадзіўся ў Далмацыі ў 330 у сям'і грэка або ілірыйца. У Рыме атрымаў выдатную для свайго часу адукацыю, потым наведаў іншыя навуковыя цэнтры. У 373 накіраваўся на Блізкі Усход, папярэдне прыняўшы хрысціянства. Два гады правёў у Антыёхіі, пасля накіраваўся ў Халкідонскую пустыню, дзе аддаўся подзвігам аскетызму, вывучэнню яўрэйскай і халдзейскай моў. Наведаўшы Палесціну, Геранім накіраваўся ў Канстанцінопаль, а адтуль зноў у Рым, дзе папа Дамас I зрабіў яго сваім дарадчыкам. Пасля смерці папы (385) назаўсёды пакінуў сталіцу імперыі, вярнуўся ў Палесціну і пасяліўся ў Віфлееме, дзе заснаваў мужчынскі манастыр, вучыў дзяцей і манахаў. Там ён сабраў вялікую бібліятэку, паглыбляў свае веды па старажытных мовах і літаратурах і займаўся перакладам Бібліі на лацінскую мову. Пераклад Геранім, вядомы пад назвай Вульгаты, пасля афіцыйна быў прызнаны каталіцкім касцёлам кананічным. Ен напісаў шэраг палемічных твораў на розныя тэмы, тлумачэнняў да асобных біблейскіх кніг («Быццё», «Эклезіяст», Евангелле ад Мацвея, Пасланні апостала Паўла і інш.), якія ў хрысціянскай літаратуры лічацца аднымі з найлепшых. Яго дагматычныя творы маюць востра палемічны характар, бо іх аўтар быў выдатным майстрам палемікі. За сваё жыццё Геранім напісаў каля 180 твораў. Памёр у Віфлееме каля 419. Праваслаўная царква называе яго блажэнным, а каталіцкая прылічыла да святых.

1 кастрычніка (аўторак) успамін Cвятой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, панна і доктар Касцёла
Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.
Маладая кармэлітка зносіла выпрабаванні з годнай здзіўлення мужнасцю: з яе твару ніколі не знікала ўсмешка, а сама яна заўсёды была гатовая служыць бліжнім. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кніжцы «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.

2 кастрычніка (серада) успамін св. Анёлаў Ахоўнікаў

4 кастрычніка (пятніца) успамін св. Францішка.
Нарадзіўся паміж 1181 і 1182 гг. у Асізі (Цэнтральная Італія) у сям’і багатага купца П’етро Бэрнардонэ. У маладыя гады Францішак быў поўным энергіі аматарам забаваў і жыццёвых задавальненняў, які марыў стаць рыцарам. Падчас вайны паміж Асізі і Перуджай Францішак на год трапіў у палон і за гэты час перажыў унутранае навяртанне. Маючы каля 25 гадоў, у невялічкім касцёле Сан Дам’яно ён пачуў голас Хрыста, які прамовіў да яго з крыжа: «Францішку, адбудуй Мой заняпалы Касцёл». Паслухмяны гэтаму наказу, зразуметаму літаральна, святы адбудаваў той касцёл.
Калі бацька Францішка запатрабаваў вярнуць грошы, выдаткаваныя на адбудову, пагражаючы пры гэтым пазбавіць сына спадчыны, той сам адрокся ад усёй маёмасці, пакінуў бацькоўскі дом і ў карычневым габіце басанож пайшоў вандраваць як жабрак. Да святога пачалі далучацца тыя, хто падзяляў яго ідэалы, і такім чынам утварыўся жабрачы ордэн францішканцаў. Верная супрацоўніца Францішка св. Клара заснавала жаночую галіну ордэна — другі закон св. Францішка (кларыскі). Жыццё і дзейнасць св. Францішка Асізскага, напоўненыя любоўю да ўсяго існага і замілавання навакольным светам, у найбольш глыбокім сэнсе прычыніліся да адбудовы ўсяго Касцёла на падставе нескажоных хрысціянскіх ідэалаў.

  1. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць: Першы чацвер, пятніца, субота месяца
  2. Пачынаючы ад 1 кастрычніка будуць ладзіцца ружанцовыя набажэнствы.
    Панядзелак – Пятніца - 18.30. Субота  - 9.30.   Нядзеля – 11.30
  3. У першую пятніцу кастрычніка праходзіць Сусветная Дзіцячая Эўхарыстычная Гадзіна – дзеці моляцца аб супакоі ў свеце. Пачатак набажэнства 18.30.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.