12.10.2019

ХХVІІІ Нядзеля звычайная 2019                      12.10.2019

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне касцёла, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог шчодра узнагародзіць.   На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

14 кастрычніка.  Святы Калікст І, Папа і мучанік  Нарадзіўся ў Рыме ў канцы ІІ ст. Быў рабом аднаго з рымскіх хрысціянаў, пазней стаў дыяканам Папы Зэфірына, які даручыў яму клопат пра месца пахавання хрысціянаў каля Апійскай дарогі, што пазней стала вядомым як катакомбы Калікста. Пасля смерці Зэфірына Калікст змяніў яго на Пасадзе св. Пятра ў 217 г. Папа Калікст І паслядоўна змагаўся з тагачаснымі ерасямі, падтрымліваў касцёльнае мастацтва. Ён памёр 14 кастрычніка 222 г. Паводле аднаго з аповедаў, Калікста І з каменем на шыі ўкінулі ў студню.

16 кастрычніка.   Святая Ядвіга, законніца

Нарадзілася каля 1174 г. у Баварыі (Германія) у сям’і аднаго з нямецкіх князёў. Выхоўвалася ў кляштары бэнэдыктынак. У 12 гадоў была заручана з Генрыхам І, князем Сілезіі, і ў шчаслівым сужэнстве нарадзіла семярых дзяцей. Разам з мужам клапацілася пра пашырэнне хрысціянства ў Сілезіі, фундавала кляштары, шпіталі і ўстановы, у якіх даглядалі хворых. Пасля смерці Генрыха І апошнія гады свайго жыцця Ядвіга правяла ў заснаваным ёю самою кляштары цыстэрцыянак.
Яна мужна прыняла ўсе жыццёвыя цярпенні: смерць шасці дзяцей, а таксама смерць апошняга сына і наследніка Генрыха Пабожнага, які ў 1241 г. загінуў у бітве з татарамі. Памерла Ядвіга 15 кастрычніка 1243 г. і была пахавана ў кляштары ў Трэбніцы, дзе да гэтага часу спачываюць яе парэшткі, да якіх прыходзіць шмат пілігрымаў. Святая Ядвіга з’яўляецца апякункаю маладажонаў.

 

16 кастрычніка.  Святая Маргарыта Марыя Алякок, панна

Нарадзілася 22 ліпеня 1647 г. у Лёткуры (Бургундыя, Францыя) у сям’і паважаных гараджанаў. У 1671 г. уступіла ў закон Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (візіткі) у Парэ-ле-Маньяль. Ужо ў першыя гады жыцця ў кляштары перажыла містычнае бачанне палаючага любоўю Сэрца Езуса. Адно з такіх бачанняў адбылося ў 1675 г., калі Маргарыта Марыя атрымала наказ паклапаціцца пра тое, каб свята Сэрца Езуса было ўведзена ў літургічны каляндар.

Словы законніцы пацвердзіла камісія тэолагаў, пасля чаго яе кляштар стаў цэнтрам распаўсюджання культу Сэрца Езуса і да сённяшняга дня з’яўляецца значным асяродкам рэлігійнага аднаўлення. Бачанні працягваліся да 1689 года. Маргарыта Марыя памерла праз некалькі месяцаў пасля апошняга з іх, 16 кастрычніка 1690 года. Свята Сэрца Езуса было афіцыйна ўведзена Папам Піем ІХ і адзначаецца ў Касцёле з 1856 г., але традыцыя культу развівалася ўжо з часоў Маргарыты Марыі Алякок. Яна пахавана ў капліцы свайго кляштара, дзе адбылося найважнейшае бачанне Сэрца Езуса.

 

17 кастрычнiка (чацвер): Успамiн Святога Ігнацыя з Антыёхіі, біскупа і мучаніка   Святы Iгнацый быў другiм наступнiкам Святога Пятра ў біскупстве ў Антыёхii. У часы цэзара Траяна быў прыгавораны на смерць. З гэтай мэтай быў высланы ў Рым. У дарозе пiсаў лiсты хрысцўянскiм супольнасцям, выражаючы ў iх гарачае прагненне мучаніцтва. Гэтыя лiсты з’яўляюцца важным дакументам веры першага Касцёла. Святы Iгнацый памёр мучанiцкай смерцю ў Рыме каля 107 года. Яго iмя ўспамўнаецца ў рымскiм Каноне.

18 кастрычніка (пятніца): СВЯТА СВЯТОГА ЛУКІ, ЕВАНГЕЛІСТА

Аўтар трэцяга Евангелля і Дзеяў Апосталаў паходзіў з Сірыі. Па прафесіі ён быў лекарам, пра што гаворыцца ў лісце св. апостала Паўла да Каласянаў. Лука, выхаваны ў паганстве, быў, хутчэй за ўсё, навернуты апосталам Паўлам і, далучыўшыся да яго паміж 50 і 51 гг., быў яго спадарожнікам на працягу 17 гадоў аж да самай смерці Апостала народаў.

Пасля гэтага жыццё і дзейнасць Лукі праходзілі ў Грэцыі, дзе былі напісаныя яго Евангелле і Дзеі апосталаў і дзе евангеліст памёр натуральнай смерцю ва ўзросце 84 гадоў. Сімвалам св. Лукі з’яўляецца вол, і гэта тлумачыцца тым, што евангеліст быў цярплівым і верным, як гэтая жывёла. Св. Луку называюць «песняром Божай міласэрнасці», бо толькі ў яго Евангеллі змешчана прыпавесць пра блуднага сына і міласэрнага айца. Ён таксама вельмі кранальна апісвае вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі, і таму лічыцца, што менавіта ён намаляваў першыя абразы Багародзіцы. Св. евангеліст Лука з’яўляецца апекуном лекараў, мастакоў і хрысціянскага мастацтва.

19 кастрычніка.  Святы Павел ад Крыжа, святар

Павел Францішак Данэі нарадзіўся 3 студзеня 1694 г. у П’емонце (Італія) у вельмі пабожнай сям’і і ўжо ў маладосці меў моцныя містычныя перажыванні. У 19-гадовым узросце пайшоў дабравольцам у венецыянскае войска, каб абараняць веру ў змаганні з туркамі. Праз два гады змяніў вайсковы мундзір на чорную вопратку пакутніка і сорак дзён правёў разам з братам у самоце, у пасце і малітве. У гэты час ён напісаў статут законнай супольнасці пасіяністаў, і ў 1725 г. Папа Бэнэдыкт ХІІІ дазволіў Паўлу ад Крыжа стварыць гэтую супольнасць.


Неўзабаве быў заснаваны першы кляштар, але напісаны Паўлам статут быў настолькі суровы, што Папа Бэнэдыкт ХІV перад тым як канчаткова зацвердзіць кантэмпляцыйна-апостальскую супольнасць Мукі Езуса Хрыста трохі яго змякчыў. Супольнасць хутка развівалася, і Павел, які асабіста заснаваў 12 кляштараў, у 1769 г. стаў яе генералам. Праз два гады ён заснаваў першы жаночы кляштар пасіяністак. Апошнія гады свайго жыцця Павел ад Крыжа правёў у Рыме, дзе і памёр 18 кастрычніка 1775 г. Ужо пры жыцці многія вернікі лічылі яго святым. Павел ад Крыжа з’яўляецца нябесным апекуном заснаванай ім супольнасці пасіяністаў.

 

  1. 1. У кастрычніку ладзяцца ружанцовыя набажэнствы. У звычайныя дні ў 18.30 , субота 9.30 , ў нядзелю ў 11.30.
  2. Набліжаецца Урачыстасць Усіх Святых і Дзень малітвы за памерлых (1-2 лістапада). Традыцыйна ў гэты час Касцёл моліцца за памерлых, такая малітва адбываецца і ў нашай парафіі. Таму, ужо цяпер можна прыносіць ў закрыстыю спісы імён памерлых.

1 листапада (пятница) 10-00, 18-00

2 листапада (субота) 10-00 , 12-00

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.