31.10.2019

 

19 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску адкрылася фотавыстава, прысвечаная дню памяці св. Яна Паўла II.

Каталіцкі Касцёл успамінае папу Яна Паўла ІІ у літургіі 22 кастрычніка. Ва ўсім свеце людзі розных нацыянальнасцяў, канфесій, палітычных і філасофскіх поглядаў, веравызнанняў адчуваюць вялікую павагу да гэтага Пантыфіка. Яго вялікі маральны аўтарытэт быў і застаецца прыкладам для многіх людзей у іх штодзённым жыцці. Ян Павел II быў светлым, натхняючым чалавекам, які ўсяляў вялікую надзею ў кожнага, хто калі-небудзь бачыў яго.

Ян Павел II лічыцца адным з самых уплывовых лідараў XX ст. Ён запомніўся многім і як Папа, які найбольш актыўна наведваў з апостальскімі візітамі краіны свету. Ён здзейсніў 104 замежныя падарожжы і пабываў у 130 краінах на ўсіх кантынентах. Вядома, што ён бегла размаўляў на 12 мовах. Ян Павел II стаў першым Папам, які актыўна прапаведваў прымірэнне і ўсталяванне сяброўскіх адносін з іншымі рэлігіямі. Сімвалам гэтага стаў Сусветны дзень малітваў аб міры, які адбыўся ў італьянскім горадзе Асізі 27 кастрычніка 1986 г. У ім прынялі ўдзел 47 дэлегацый ад розных хрысціянскіх канфесій і прадстаўнікі 13 іншых рэлігій.