03.07.2016

Упершыню за апошнія 105 гадоў у беларускай сталіцы быў асвечаны каталіцкі касцёл. Асвячэнне новазбудаванай святыні ў парафіі Маці Божай Будслаўскай адбылося ў Мінску 3 ліпеня.

Урачыстую святую Імшу з асвячэннем касцёла ўзначаліў аўстрыйскі кардынал Крыстаф Шонбарн OP — папскі пасланнік на ўрачыстасці 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

Сярод гасцей на ўрачыстасці прысутнічалі Мітрапаліт Бухарэста арцыбіскуп Іаан Робу, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама шэраг святароў і шматлікія вернікі.

Парафія з 20-гадовай гісторыяй

Кажучы аб гісторыі парафіі, яе сённяшні пробашч кс. Францішак Рудзь адзначыў, што ўпершыню парафія Маці Божай Будслаўскай была зарэгістравана ў 1996 годзе якраз 3 ліпеня.

«Акурат на сённяшні дзень прыпадае наш першы маленькі юбілей», — прызнаўся святар.

Паводле слоў кс. Францішка, будаўніцтва новага касцёла працягвалася шэсць гадоў. За ахвярную дапамогу святар асаблівым чынам падзякаваў кс. прэлату Андрэю Стэцкевічу (на фота), адказнаму за будаўнічыя праекты архідыяцэзіі.

«Без ксяндза Андрэя Стэцкевіча, які шмат зрабіў у будаўніцтве святыні, гэтага касцёла сёння не было б, — сказаў і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Але з моманту асвячэння гэты касцёл — ваш, вашых дзяцей і ўнукаў», — звяртаючыся да парафіянаў, дадаў беларускі іерарх.

Касцёл на гары як заўсёдны напамін пра Бога

Гамілію падчас Імшы прамовіў папскі пасланнік кардынал Крыстаф Шонбарн OP, які перад гэтым акрапіў алтар асвечанай вадой.

«Я вельмі ўдзячны сабрату — Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу — за магчымасць быць разам з вамі. Гэта першае пасля 105-гадовага перапынку асвячэнне новага касцёла ў Мінску (тут гаворка ідзе не пра капліцу, а пра касцёл — рэд.). Мяне цешыць, што я магу быць сведкам таго, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўваскрос і развіваецца».

Таксама кардынал папрасіў прывітаць апладысментамі ўсіх, хто паспрыяў з’яўленню новай святыні:

«Божы народ у гэтай краіне шмат выцерпеў, сутыкнуўшыся з пераследам. Людзі шмат чаго ахвяравалі дзеля веры, але яны яе захавалі», — заўважыў іерарх.

Кардынал дадаў, што святыня, якая стаіць на гары, робіць сябе заўважнай усюды і з’яўляецца бачным знакам прысутнасці Бога сярод вернікаў.

«Езус казаў, што горад, пабудаваны на гары, немагчыма схаваць. Так і гэты касцёл — яго нельга схаваць, ён бачны адусюль. Будзем жа маліцца да Маці Божай Будслаўскай, просячы шмат падтрымкі і святла, каб людзі, якія жывуць побач з гэтым касцёлам, адчувалі, што Бог — разам з вамі», — заключыў папскі пасланнік.

«Алтар — гэта Хрыстус»

Пасля Літаніі да ўсіх святых адбылося ўрачыстае асвячэнне алтара алеем хрызма, пасля чаго алтар быў накрыты адмысловым абрусам.

Кардынал Шонбарн, прыгадваючы традыцыю ўшанавання алтара пацалункам, адзначыў: «Алтар — гэта Хрыстус, таму наш пацалунак алтара — гэта пашана Хрыста. Мне давялося асвячаць больш за 100 святыняў, і я заўсёды заахвочваю вернікаў пасля Імшы таксама ўшанаваць алтар пацалункам у знак нашай пашаны да Хрыста».

Адным з найважнейшых момантаў падчас Імшы з асвячэннем новага касцёла стала перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў табэрнакулюм. Як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, «з гэтага моманту тут заўсёды жыве Эўхарыстычны Езус».

«Касцёл стаіць на ўзгорку. Няхай жа ніколі не зарасце дарога да гэтай святыні», — пажадаў беларускі іерарх.

Напрыканцы святой Імшы, звяртаючыся да парафіян новаасвечанай святыні, кардынал Шонбарн адзначыў узровень прафесійнасці парафіяльнага хору, які забяспечваў музычнае суправаджэнне Імшы, назваўшы Мінск яшчэ адной сталіцай музыкі пасля Вены. Таксама іерарх прызнаўся, што прыемна ўражаны беларускімі католікамі і «жывым Касцёлам» у Беларусі:

«Калі я буду даваць справаздачу Святому Айцу Францішку пра свой візіт у Беларусь, я абавязкова распавяду аб тым, што тут перажыў. Перадам, што ўбачыў тут вельмі жывы Касцёл. Няхай Пан Бог благаслаўляе кожнага з вас!» — заключыў папскі легат.

Кардынал падзякаваў беларускім вернікам за гасціннасць і ўдзяліў прысутным папскае благаслаўленне.

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага, Catholic.by