31.12.2018

28 снежня пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы ў Мінску ксёндз канонік Францішак Рудзь наведаў следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС РБ. На сустрэчы з курсантамі святар распавёў пра сакрамэнты хрысціянскай веры.

«Служба ў адным з найважнейшых дзяржаўных ведамстваў спалучаная з вялікай адказнасцю: яна патрабуе не толькі спецыяльных навыкаў і ведаў, але і нярэдка асабістай мужнасці, гераізму і гатоўнасці да самаахвярнасці.

Важна, каб курсант, які заўтра стане афіцэрам, захоўваў у сваім сэрцы хрысціянскія каштоўнасці: павагу да асобы, любоў да бліжняга і веру ў дабрыню чалавечага сэрца»,

— адзначыў у сваім выступленні святар.

Сёння афіцэрска-настаўніцкі склад Акадэміі МУС РБ прадпрымае немалыя намаганні, скіраваныя на павышэнне эфектыўнасці ў выхаванні будучых спецыялістаў у вырашэнні пастаўленых перад ведамствам задач па абароне жыцця, здароўя, правоў і свабод грамадзян нашай краіны. Павага да правоў чалавека немагчымая без хрысціянскага фундаменту.

Менавіта духоўныя каштоўнасці дапамагаюць кожнаму чалавеку, незалежна ад складанасці жыццёвых абставінаў, захоўваць маральную раўнавагу, якая спрыяе прыняццю правільнага рашэння.

Хрысціянскі падмурак выхавання здольны аказаць эфектыўны ўплыў на самасвядомасць асобы будучага афіцэра, прывіваць і развіваць у яго лепшыя традыцыйныя для айчыннага афіцэрскага корпусу духоўна-маральныя пачуцці і якасці, такія, як патрыятызм і інтэрнацыяналізм, воінскі абавязак, гонар, павага да рэлігійных каштоўнасцяў і захаванне спадчыны сваёй Радзімы.

Таму святар падкрэсліў важнасць падзеі ўключэння Будслаўскага фэсту ў гонар іконы Маці Божай у спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА, што адбылося 28 лістапада гэтага года.

На заканчэнне лекцыі ксёндз Францішак Рудзь запрасіў курсантаў і афіцэрска-настаўніцкі склад акадэміі наведаць касцёл Маці Божай Будслаўскай, пажадаўшы ім духоўнай цеплыні і шчаслівага Новага года.

Catholic.by