06.09.2020

ХХІІІ Нядзеля звычайная                                 06.09.2020

 

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне касцёла, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог шчодра узнагародзіць. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

8 верасня (аўторак): СВЯТА НАРАДЖЭННЕ НПМ
Святкаванне нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі нясе глыбокі тэалагічны змест. Нараджэнне Марыі было непасрэдным прадказаннем надыходу Збавіцеля. Айцы Касцёла казалі, што Марыя папярэднічае прыходу Месіі, таксама як і прыход світання абяцае поўны бляску дзень. Гэта свята нагадвае нам аб тым, што Марыя была звычайным чалавекам. Хоць яна і захоўвалася ад заразы граху, аднак праз усё жыццё мела вольную волю і не была нічым абмежавана. Як і кожны з нас, яна мела бацькоў, цешылася, дапамагала ім ва ўсіх справах, а таксама мела сяброў і родных. Аднак яе давер, паслухмянасць і поўны свядомасці адказ Богу «так» учынілі, што словы з гімна Magnificat «хваліць яе будуць усе пакаленні» актуальныя і сёння.

12 верасня (субота) успамін Найсвяцейшага Імя Марыі
Імяніны Божай Маці, у гэты дзень праслаўляем Яе імя «Марыя», якое, паводле традыцыі, Яна атрымала на чацвёрты дзень пасля свайго нараджэння. Гэтае імя ад пачатку хрысціянства з вялікай пашанай вымаўлялася побач з іменем Езуса. Імя Марыі заклікалі, просячы Яе аб дапамозе і заступніцтве.

Не абавязковыя святы, можна працаваць.

Расклад набажэнстваў на працягу тыдня звычайны.

  1. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара.
  2. Сёння зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі.
  3. Дэкрэт Мітрапаліта, які даваў магчымасць пэўным катэгорыям вернікаў у нядзелі і абавязковыя ўрачыстасці заставацца дома і духоўна далучацца да святой Імшы з дапамогай трансляцыі адменены. З 1 верасня яго дзеянне спыняецца.

Такім чынам, кожны вернік абавязаны асабіста ўдзельнічаць у святой Імшы ва ўсе нядзелі года і ў прадпісаныя ўрачыстасці.

 

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.