23.08.2020

ХХІ Нядзеля звычайная                   23.08.2020

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне касцёла, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог шчодра узнагародзіць. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

24 жніўня (панядзелак): Свята Святога Барталамея, апостала
Святы Барталамей, (што па-габрэйску азначае сын Таламея ці сын аратая), хутчэй за ўсё, меў імя Натанаэль. Ён нарадзіўся на пачатку І ст. у Кане Галілейскай, а да Хрыста яго прывёў апостал Філіп. Пасля ўваскрасення Збаўцы Барталамей абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Месапатаміі і Індыі, аздараўляючы хворых і апантаных. Апостал быў забіты ў сярэдзіне І ст.: з яго жыўцом садралі скуру. Святы Барталамей з’яўляецца апекуном шахцёраў і мяснікоў, а таксама яго заступніцтва просяць пры нервовых і скурных хваробах.

27 жніўня (чацвер) Успамін Святой Монікі  Нарадзілася ў Паўночнай Афрыцы каля 330 года. Жонка паганіна з шалёным характарам, якога сваёй лагоднасцю і цярплівасцю прывяла да хрысціянскай веры. Таксама сваімі малітвамі і слязамі выпрасіла у Бога навяртанне сына Аўгустына, які паддаваўся ўплывам розных ерэтыкаў і вёў грэшнае жыццё. Аўгустын з часам стаў біскупам і адным з вялікіх дактароў Касцёла. Святая Моніка памёрла ў 387 годзе.

28 жніўня (пятніца): Успамін Святога Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла
Нарадзіўся ў Паўночнай Афрыцы ў 354 годзе. Сын паганіна Патрыцыя і хрысціянкі Монікі, якая пасвяціла сваё жыццё малітвам аб навяртанні сына. У маладосці праводзіў распутнае жыццё і паддаваўся ўплывам розных ерэсей. У Медыялане пасля размоў са святым Амброзіем і чытання тэкстаў святога Паўла Аўгустын перажыў навяртанне да веры, прыняў хрост. У далейшым стаў святаром, потым – біскупам Гіпона. Памёр у 430 годзе. Яго казанні і сачыненні залічаны да найлепшых спраў хрысціянства.

29 жніўня (субота): Успамін Мучаніцтва Святога Яна Хрысціцеля
Святы Ян Хрысціцель прызываў свой народ, а таксама і караля Ірада, да паправы жыцця. За гэта яго пасадзілі ў вязніцу і ссяклі галаву. Так, як прарокі і Апосталы, уласнай крывёю пацвердзіў абвяшчаемую навуку.

  1. У наступную нядзелю адбудзецца асвячэнне школьных прыладаў і благаслаўленне дзяцей і моладзі на новы катэхетычны і навучальны год пасля кожнай святой Імшы.

 

 

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.