31.05.2020

Нядзеля Спаслання Духа Святога          31.05.2020

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне касцёла, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог шчодра узнагародзіць. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

1 чэрвеня (панядзелак) – Успамін НПМ Маці Касцёла

3 чэрвеня (серада) - Успамін св. Караля Луангі і паплечнікаў, мучанікаў
Нарадзіўся ў 1865 г. у Буліму (Уганда). Быў кіраўніком груп маладых пажоў пры двары мясцовага караля. У 1885 г. прыняў хрост і навярнуў у хрысціянскую веру шмат іншых пажоў. Праз пэўны час у краіне распачаўся пераслед хрысціянаў, у выніку якога Караль быў забіты. Яго і яшчэ 31 хрысціяніна спалілі ў Намугонга. Пій ХІ абвясціў святога Караля Луангу апекуном афрыканскай моладзі.

4 чэрвеня (чацвер) – Свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара

5 чэрвеня (пятніца) - Успамін св. Баніфацыя, біскупа і мучаніка
Нарадзіўся каля 674 г. у Вэсэксе (Англія). Быў выхаванцам бэнэдыктынцаў. Праз пэўны час Баніфацый сам уступіў у ордэн бэнэдыктынцаў і ўзначаліў адну з манаскіх школаў. Ва ўзросце 40 гадоў пачаў займацца навуковай дзейнасцю, складаючы першую пісьмовую ангельскую граматыку. У 718 г. Папа Грыгорый ІІ скіраваў Баніфацыя з евангелізацыйнай місіяй у паганскую ў тыя часы Цюрынгію.
Некалькі гадоў Баніфацый паспяхова працаваў па ўсёй Германіі, абвяшчаючы Божае слова і засноўваючы дыяцэзіі. Усяго на нямецкіх землях ён заснаваў 7 дыяцэзій. У 722 г. Баніфацый быў кансэкраваны як біскуп-місіянер, а праз 10 гадоў стаў арцыбіскупам і папскім вікарыем у Германіі. 5 чэрвеня 754 г. падчас аднаго з місіянерскіх падарожжаў на тэрыторыі Нідэрландаў Баніфацый разам з 52 паплечнікамі быў забіты паганамі. Сваёй дзейнасцю святы Баніфацый заклаў падмурак еднасці хрысціянскай Еўропы, і таму яго называюць «апосталам Германіі» і «заснавальнікам Захаду і Еўропы». Да рэліквій святога, якія спачываюць у заснаваным ім кляштары ў Фулдзе, на працягу стагоддзяў прыходзілі і працягваюць прыходзіць шматлікія пілігрымы. Баніфацый з’яўляецца апекуном краўцоў і півавараў.

  1. На гэтым тыдні: Першыя чацвер, пятніца, субота, нядзеля месяца.
  2. На працягу месяца чэрвень ўшаноўваем Найсвяцейшае Сэрца Езуса.

 

 Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.