14.01.2019

13 студзеня ў парафіі Маці Божай Будслаўскай, што на Каменнай Горцы ў Мінску, напярэдадні Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў выступіў хор з суседняй праваслаўнай парафіі, а таксама адкрылася сумесная выстава малюнкаў каталіцкай і праваслаўнай моладзі.

Выступленне ў касцёле на Каменнай Горцы хора парафіі храма свяціцеля Мікалая Японскага і сумесная выстава малюнкаў каталіцкай і праваслаўнай моладзі на тэму «Каляды ў маім доме» стала своеасаблівай прэлюдыяй да Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, што распачнецца ўжо праз некалькі дзён.

Гэты малітоўны тыдзень традыцыйна праходзіць з 18 па 25 студзеня. Штогод у міжнародным экуменічным набажэнстве бяруць удзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій з больш як 100 краін свету.

Упершыню ідэя праводзіць малітвы аб адзінстве хрысціянаў з’явілася ў пратэстанцкім асяроддзі ў XVIII ст. Арганізаваны Тыдзень малітваў за адзінства ўпершыню прайшоў у 1908 годзе. Святар Пол Уотсан прапанаваў асаблівае набажэнства за адзінства Касцёла, і вось ужо больш за 110 гадоў у гэты час прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій збіраюцца разам на набажэнствах, малітвах, канферэнцыях і іншых культурна-рэлігійных мерапрыемствах. Такія набажэнствы традыцыйна штогод праходзяць і ў Беларусі.

«Парафія Маці Божай Будслаўскай у Мінску ўжо не ўпершыню праводзіць падобныя сустрэчы з вернікамі праваслаўнай і пратэстанцкай канфесій. Так склалася, што здаўна на тэрыторыі нашай краіны жывуць людзі розных веравызнанняў, якія заўсёды праяўлялі талерантнасць і павагу адзін да аднаго.

Вельмі важна, каб у мітусні сучаснага жыцця не згубіць гэтай адкрытасці і ўзаемадаверу, для падтрымання якіх неабходны шчыры дыялог звычайных людзей, якія жывуць і працуюць побач у адным вялікім мегаполісе і побач будуюць свае храмы, як і ў старадаўнія часы было прынята на Беларусі.

Такія сустрэчы падмацоўваюць нашыя малітвы за адзінства хрысціянаў і спрыяюць фармаванню добрасуседскіх адносінаў», — падкрэсліў пробашч мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай кс. канонік Францішак Рудзь.

Catholic.by