17.05.2018

У парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, што на Каменнай Горцы ў Мінску, распачынаецца духоўная падрыхтоўка да святкавання ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай — Апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, культ якой у Беларусі ў апошнія гады ўсё больш набывае агульнанацыянальны характар.

20 гадоў таму ў знак асаблівай пашаны і ўдзячнасці цудатворны абраз Багародзіцы ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе быў каранаваны папскімі каронамі.

Духоўная падрыхтоўка да сёлетняга святкавання ў гонар Маці Божай Будслаўскай і пілігрымак у санктуарый распачнецца 20 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога.

Урачыстыя св. Імшы ў касцёле на Каменнай Горцы (вул. Прытыцкага, 107а) адбудуцца ў 10.00 і 12.00.

А 11-й гадзіне запланавана адкрыццё фотавыставы Віктара Ведзеня «Дарогі, якімі мы Бога шукаем». Аўтар прадставіць фотасюжэты з гісторыі мінскіх пілігрымак да будслаўскай святыні.

«Вельмі крануты і рады, што напярэдадні пілігрымкі змагу падзяліцца з людзьмі сваімі перажываннямі. Асабліва прыемна, што выстава пройдзе ў святыні, якая носіць імя Марыі ў Яе цудатворным будслаўскім абразе.

Я змагу паказаць маё бачанне духоўнай дарогі да Маці і падрыхтавацца да новай пілігрымкі»,

— кажа фотамастак.

Адкрыццё выставы пройдзе ў суправаджэнні музычных твораў у выкананні Таццяны Дробыш, якая неаднаразова асабіста прымала ўдзел у пілігрымцы ў будслаўскі санктуарый. Спявачка кажа:

«У пілігрымцы ўсіх удзельнікаў аб’ядноўвае радасць. Я буду спяваць песні, якія гучаць у сэрцах людзей на хвалу Божай Маці».

Пробашч парафіі кс. канонік Франц Рудзь адзначае, што ўсе святыні ў гонар Маці Божай Будслаўскай, якая не абмінула сваімі цудамі таксама і беларускую зямлю, з’яўляюцца звёнамі адной агульнай малітвы, любові, удзячнасці і надзеі.

«Прыходзячы ў святыню, мы здзяйсняем пілігрымку і яднаемся з Марыяй. Запрашаю ўсіх прыняць удзел у духоўнай падрыхтоўцы да ўрачыстасці і пілігрымкі»,

— заклікае душпастыр.

Catholic.by