02.07.2012

У мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай быў асвячоны вуглавы камень новага касцёла, якім стала цэгла з Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе. З 2008 года ў галоўным алтары капліцы знаходзіцца копія абраза Маці Божай Будслаўскай, якую перадалі айцы бэрнардыне з будслаўскага санктуарыя.

Такая значная для парафіі падзея адбылася 1 ліпеня, у дзень парафіяльнага адпусту, і распачала «Марыйны» тыдзень у Беларусі. Менавіта на гэтым тыдні адбудуцца ўрачыстасці і святкаванні ў Будславе і Тракелях.

А добрым пачаткам тыдня стала адпустовая Імша ў мінскай парафіі, падчас якой маліліся і за пілігрымаў, якія ўжо выйшлі ў Будслаў. Цэлебраваў літургію Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Анджэй Стэцкевіч, кусташ будслаўскага санктуарыя кс. Віктар Бурлака і іншыя святары.

«Сёння сваімі думкамі мы пераносімся ў Будслаў — у наш нацыянальны санктуарый, дзе ўжо амаль 400 гадоў валадарыць Марыя. На працягу ўсёй гэтай доўгай і складанай гісторыі яна вучыла свой народ казаць Богу „так“. Народ слухаў яе і таму захаваў веру, — адзначыў у гаміліі іерарх. — У час аслаблення веры і нават адыходу ад яе нам неабходна ізноў слухаць Марыю. Навучае гэтаму Касцёл. Менавіта Касцёл з новай моцай сёння вядзе нас да таго, каб мы казалі Богу так, каб будавалі сваё жыццё на моцным маральным падмурку».

«Як для таго, каб будынак быў моцным і доўга стаяў, патрэбны моцны фундамент, таксама і нашае жыццё, каб яно было стабільным і шчаслівым, неабходна будаваць на моцным маральным падмурку, — дадаў Мітрапаліт. — Як сімвал гэтага ў касцёле, які будуецца на Каменнай горцы, касцёл умуроўваецца вуглавы камень, узяты з будслаўскай святыні. Гэтым самым мы хочам, каб вернікі, якія прыходзяць сюды маліцца, заўсёды памяталі аб апецы Маці Божай Будслаўскай і з яе бралі прыклад, асабліва паслухмянасці Божай волі».

І яшчэ на адзін сімвал звярнуў увагу Мітрапаліт. Мікрараён, у якім знаходзіцца парафія, называецца «Каменная горка». Значыць касцёл будзе пабудаваны на камяні. Як пра гэта казаў Хрыстус Пятру.

У гэты дзень вернікі парафіі атрымалі сакрамэнт канфірмацыі. Іх арцыпастыр заклікаў адкрыцца на дзеянне Святога Духа і дазволіць Яму перамяняць іх, чыніць духоўна моцнымі.

«Вы павінны гарэць агнём Духа Святога, каб Ён знішчыў усё нядобрае ў нас. Каб мы ўмелі адрозніваць дабро ад зла», — дадаў іерарх.

Мінская парафія Маці Божай Будслаўскай існуе з 1996 года. У 2005 тут была асвячона капліца, а праз тры гады распачалося будаўніцтва касцёла. 20 снежня 2008 г. парафія вітала ў галоўным алтары капліцы копію абраза Маці Божай Будслаўскай, якую перадалі айцы бэрнардыне з будслаўскага санктуарыя. З таго часу часцінку Будслава можна знайсці і ў Мінску. Цяпер гэтай часцінкай будзе таксама цэгла.

Як адзначыў пробашч парафіі кс. Францішак Рудзь, у Фрунзенскім раёне Мінска, на тэрыторыі якога знаходзіцца парафія, пражывае каля 400 тысяч чалавек. Таму зразумела, што ў гэтым месцы і ўвогуле ў Мінску новы касцёл вельмі патрэбны. Кожную нядзелю на Імшы збіраецца каля 200 чалавек, а па святах значна больш. На пытанне аб тым, наколькі ўдаецца спалучаць будаўніцтва касцёла і працу з вернікамі, кс. Францішак Рудзь адказвае: «Малюся, каб хапала часу на душпастырскую працу і каб Бог благаславіў у будаўніцтве».

Калі будзе пабудаваны касцёл Маці Божай Будслаўскай у Мінску, казаць пакуль рана. Але вядома адно: у гэтай новай святыні будзе захоўвацца цэгла з верхняга карніза галоўнай навы будслаўскага касцёла, пабудаванага ў 1783 г. Так што дакрануцца да гісторыі і святога месца Беларусі тут можна будзе ў прамым сэнсе.

     

Святлана Жылевіч, фота Віталія Палінеўскага, Catholic.by